Патриотическая акция

30.04.2024

Бондар Святлана Лявонцьеўна, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце

Герой, пра якога я хочу расказаць, — мой дзядуля Сяргей Васільевіч Харык.

 

 

 

Харык Сяргей Васільевіч

 

У сакавіку 1998 г. Сяргею Васільевічу Харыку, салдату Вялікай Айчыннай вайны, ва ўрачыстай абстаноўцы была ўручана апошняя яго ўзнагародна  — медаль Жукава. Здавалася, колькі гадоў прайшло — цэлае жыццё, жыццё не аднаго пакалення, усё павінна забыцца за напластаваннямі стагоддзяў — але не, не забылася… У такія дні зноў наплываюць успаміны аб ваенным ліхалецці, баях, аб крыві і агню, раненнях…

На пачатку вайны сялянскі хлопец Сяргей Харык з хутара Лысова, што губляўся ў лясах непадалёку ад вёскі Хаціслаў быў непаўналетнім. Ужо на другі дзень вайны мясцовасць апынулася пад немцамі, яны захапілі ўсё наваколле. Не забыць выпадак, калі ў ноч на 25 чэрвеня воіны 75-й дэвізіі, што выходзілі з акружэння, знішчылі каля 300 гітлераўцаў, якія вольна і спакойна, як гаспадары дома, размясціліся на начлег на гары каля в. Хаціслаў. Многія мясцовыя жыхары былі схоплены і расстраляны гітлераўцамі як заложкі.

Колькі давялося вытрымаць, перажыць у гады акупацыі — не дай Бог нікому… Сяргей звязаўся з партызанамі, не раз выконваў іх даручэнні. Дачакаліся вызвалення, і ўжо праз некалькі тыдняў радавы Харык быў на фронце. Пад Мінскім-Мазавецкім прыняў баявое хрышчэнне. Баі на тэрыторыі Польшчы былі асабліва цяжкімі і кровапралітнымі. У адным з такіх баёў з роты засталося ў страі ўсяго пяць чалавек. Варшава, Познань, Лодзь — гэта адзнакі на баявым шляху 19-гадовага камандзіра разліку станкавага кулямёта Сяргея

 Харыка, якому было ўжо прысвоена званне сяржанта.

… Той бой напрадвесні 1945 г. за невялікі польскі гарадок непадалёку ад мяжы з Германіяй быў асабліва цяжкім. Ён стаў апошнім у баявым жыцці ветэрана. Кулямётны разлік Харыка знішчыў варожага кулямётчыка, які засеў на вадаправоднай вежы і перашкаджаў руху нашых войск наперад. Танкавую атаку ворага адбілі гранатамі. Асколкам міны праз некалькі мінут забіла другі нумар разліку радавога Чувіліна. Харык быў паранены. Здавалася, няцяжкае раненне, у руку, але закранула нерв, Сяргей Васільевіч застаўся інвалідам. Ужо ў шпіталі яго знайшла ўзнагарода за той бой — медаль “За адвагу”.

Вярнуўся на радзіму толькі восенню пераможнага года. Усё жыццё працаваў у мясцовым калгасе “Заветы Леніна”. Разам з жонкай, Фядорай Іосіфаўнай, вырасціў дзвюх дочак і двух сыноў — дастойных людзей, якія ні ў чым не ганьбяць ветэрана…Сёння Сяргей Васільевіч мае 9 унукаў і 10 праўнукаў!

Я ганаруся сваім дзядулем, бо яго дарогі вайны занесены ў кнігу “Памяць”, а звесткі пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Харыка Сяргея Васільевіча знаходзяцца на інфармацыйным рэсурсе "Память народа". І ў нашых сем’ях з вялікай пашанай адносяцца да любімага дзядулі, беражна захоўваем яго ўзнагароды!

Узнагароды С.В.Харыка