Мы в СМИ!
19.01.2024Вельмі важна ствараць такія ўмовы, каб навучэнцы адчувалі, што яны неабходны педагогам, сістэме адукацыі, сваёй краіне. Як гэтага дасягнуць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Георгій Козел.
Розныя — роўныя
Ужо 18 гадоў у каледжы працуе Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сярод нашых навучэнцаў ёсць дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра, з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, з парушэннямі слыху і маўлення, татальна сляпыя. Яны вучацца побач са звычайнымі дзецьмі, разам рэалізуюць розныя праекты, у тым ліку і па патрыятычным выхаванні. Сумесная дзейнасць ідзе на карысць асаблівым падлеткам, якія становяцца больш упэўненымі ў сабе, у сваіх магчымасцях, адчуваюць сваю значнасць. А іх аднагодкі вучацца міласэрнасці, разуменню жыццёвых прыярытэтаў. Нашы будучыя праграмісты распрацоўваюць для асаблівых навучэнцаў праграмы, якія дапамагаюць тым самастойна перамяшчацца па ўстанове, дазваляюць арганізоўваць правядзенне практычных лабараторных работ для татальна сляпых дзяцей.
Менавіта праектная дзейнасць з’яўляецца самай выніковай, дазваляе напоўніць патрыятычнае выхаванне сэнсам і зместам. Гэта пацверджана вопытам работы не аднаго пакалення педагогаў. Навучэнцы прымаюць удзел не толькі ў гарадскіх, але і ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прычым часта заваёўваюць дыпломы пераможцаў. Мы не варымся ў сваім саку. Напрыклад, разам з Акадэміяй музыкі арганізавалі творчы праект: студэнты-валанцёры прыходзяць да нас і вучаць сляпых дзетак іграць на музычных інструментах.
Нашы асаблівыя дзеці сталі пераможцамі ў конкурсе, да якога напісалі гісторыю пра тое, як глухія людзі дапамагалі прыблізіць Вялікую Перамогу ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Калі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь праводзіла конкурс відэаролікаў, навучэнцы каледжа таксама атрымалі прызы.
Ёсць у нас і спартыўныя праекты. Наша каманда па валейболе шматразова станавілася чэмпіёнам у сістэме адукацыі сталіцы. Баскетбольную каманду, удзельніцамі якой былі дзяўчынкі з парушэннем слыху, доўгі час ніхто не мог перамагчы.
Зараз у каледжы працуюць тры татальна сляпыя выкладчыкі, у хуткім часе да іх далучыцца яшчэ адзін. Яны выкладаюць у татальна сляпых дзетак па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.
Чалавечыя якасці
З чаго пачынаецца выхаванне патрыёта? На мой погляд, з выхавання простых чалавечых якасцей — быць ветлівым, неабыякавым да іншых, паважаць старэйшых. Ведаеце, якое першае пытанне я задаю на кожным бацькоўскім сходзе? Ці кажуць вашы дзеці вам дзякуй, калі выходзяць з-за стала? Мы заўважылі, што першакурснікі не кажуць дзякуй буфетчыцы. І гэта трывожныя званочкі. На жаль, узровень культуры ў маладзёжным асяроддзі знізіўся. Таму мы ўдзяляем вялікую ўвагу менавіта выхаванню чалавечнасці. Калі да нас прыязджаюць госці, яны звяртаюць увагу, наколькі ветлівыя нашы навучэнцы.
У рамках праекта “Патрыёт” навучэнцы каледжа збіраюць інфармацыю пра сваіх дзядуляў, бабуль — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, фотаздымкі, медалі. Да свята Перамогі падводзім вынікі і выстаўляем работы вучняў на стэндах.
“Жывая бібліятэка”
Так называецца праект, у якім на сустрэчы з навучэнцамі мы запрашаем вядомых і цікавых людзей. Мы ўжо прымалі Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Іванаўну Качанаву, Генеральнага пракурора Беларусі, мэра сталіцы, старшыню дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, міністра юстыцыі… І гэты спіс можна працягваць. Да таго ж у нас пабывалі кіраўнікі ўсіх рэлігійных канфесій. Зносіны з такімі людзьмі ўзбагачаюць дзяцей, дапамагаюць сфарміраваць грамадзяніна з цвёрдай пазіцыяй, здольнага аналізаваць сітуацыю, аргументаваць свой погляд.
У Год гістарычнай памяці мы першымі ў рэспубліцы заключылі пагадненне аб узаемадзеянні з Нацыянальным гістарычным архівам. Калі супрацоўнікі ўстановы даведаліся, што ў нас вучацца асаблівыя дзеці і ім складана самім прыйсці ў архіў, яны пагадзіліся прывозіць да нас гістарычныя дакументы. З гэтага года ў праграму навучання ўведзены спецыяльны факультатыў… Акрамя таго, навучальны год для нашых выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пачынаецца з вельмі цікавай экскурсіі па сталіцы разам з супрацоўнікамі архіва.
Галерэя гонару
Дзеці павінны адчуваць, што яны — цэнтральная фігура ва ўстанове адукацыі. І мы да гэтага імкнёмся. Па-першае, на сайце каледжа шмат навін прысвечана дасягненням навучэнцаў. Па-другое, мы захавалі добрую традыцыю савецкіх часоў: накіроўваем лісты падзякі на месцы працы бацькоў тых вучняў, якія паказваюць поспехі. Не так даўно наш выхаванец заваяваў 1-е і 2-е месцы ў спаборніцтвах па робататэхніцы сярод краін СНД. Адпаведныя лісты падзякі мы ўжо адправілі поштай.
55 навучэнцаў каледжа — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Іх фотаздымкі можна ўбачыць на сценах калідораў установы, як і фотаздымкі нашых выпускнікоў, якія ў розныя часы займалі прызавыя месцы ў розных конкурсах.
Дарэчы, фотагалерэі размешчаны на кожным паверсе. Дзеці маюць магчымасць азнаёміцца з інфармацыяй пра гісторыю не толькі каледжа, але і краіны, убачыць партрэты ўсіх міністраў адукацыі, кіраўнікоў сталіцы.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА