Незвычайны ўрок
22.09.2023У рамках падпісанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НГА Беларусі і ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій» намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Яўген Глінскі 22 верасня 2023 года правёў для навучэнцаў каледжа ўрок на тэму «Мінск у канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя». Пры дапамозе прэзентацыі і раздатачнага матэрыялу на занятку вучням былі паказаны карты і планы Мінска канца XVIII – першай паловы XIX стагоддзя (у тым ліку знакаміты план 1800 г. аўтарства Фёдара Крамера), чарцяжы і іншыя выявы знакавых мінскіх новабудоўляў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя: гасцініцы «Еўропа», будынка Вольнага пажарнага таварыства, дамоў Абрампальскага і Ліўшыца. Падчас урока Я. Глінскі таксама распавёў пра ўстановы кіравання, культурнае жыццё ў горадзе, звярнуў увагу на шматканфесійны склад насельніцтва Мінска ў дадзены перыяд. У падрыхтоўцы матэрыялаў да экскурсіі і ўрока актыўны ўдзел прымаў выдатны даследчык гісторыі Мінска, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў.